Культура Фаніпаля
У вольны ад працы і вучобы час да паслуг дарослых і дзяцей Гарадскі Дом культуры з глядзельнай залай на 200 месцаў, які стаў Лаўрэатам раённага агляду-конкурсу. У ДК працуе 3 калектывы са званнем «Народны» - гэта хор ветэранаў вайны і працы, клуб аўтарскай песні, народны ансамбль «Экспромт». Рыхтуецца абараніцца на званне «Узорны» дзіцячы калектыў танцавальнага ансамбля «Сонейка». У ДК працуе 15 гурткоў мастацкай самадзейнасці, 5 клубаў па інтарэсах. У горадзе традыцыйнымі сталі агляды-конкурсы эстраднай песні, вечары раманса, справаздачныя канцэрты перад насельніцтвам, якія праводзяцца самадзейнымі артыстамі.
Вялікай папулярнасцю сярод вучняў карыстаецца Цэнтр дзіцячай творчасці, які наведваюць каля 600 чалавек. Тут працуюць зацікаўленыя людзі з залатымі рукамі, якія вядуць 42 гуртка дэкаратыўна-прыкладнога, мастацкага, тэхнічнага і спартыўнага профіляў; вязання кручком, праца з апілкамі, выраб дэкаратыўных кветак, «Залатая саломка", ручная вышыўка, «Юны мастак», «Кажаны сувенір», «Макрамэ», «Юны стралок», лялечны, танцавальны і іншыя. Гурткоўцы Цэнтра - пастаянныя ўдзельнікі і пераможцы гарадскіх, раённых, абласных выстаў дзіцячай творчасці.
Для дзяцей ў пазаўрочны час гасцінна расчынены дзверы Фаніпальскай музычнай школы, дзе 218 дзяцей навучаюцца па спецыяльнасцях: фартэпіяна, баян, акардэон, цымбалы, скрыпка, віяланчэль, клас духавых інструментаў.
У школе створаны два харавых калектыва, адзін з якіх у 1999 годзе стаў пераможцам абласнога конкурсу дзіцячых харавых калектываў; фальклорны ансамбль народнай песні - пастаянны ўдзельнік рэгіянальнага конкурсу "Сымон-музыка"; камерны і цымбальны ансамблі.
Калектывам педагогаў школы утвораны ансамбль "Рэтра-стыль», які неаднаразова выступаў у многіх гарадах Беларусі і двойчы ў Францыі.
Выпускнікі школы становяцца студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Мінскага універсітэта культуры, музычных вучылішчаў Мінска, Маладзечна, Баранавічаў.
Не абыходзяць бокам жыхары і гарадскую бібліятэку з вялікім фондам кніг, які рэгулярна папаўняецца. У цяперашні час яе паслугамі карыстаюцца 2115 чытачоў, з іх 895 - навучэнцы.