«Спутник» с перспективой

Невялiкая колькасць прамысловых прадпрыемстваў, прыярытэт сельскагаспадарчай вытворчасцi i, як вынiк, — пэўныя праблемы з занятасцю людзей. Такая сiтуацыя характэрная для значнай колькасцi малых гарадоў i пасёлкаў Беларусi. Аднак у кожным канкрэтным выпадку тут ёсць i пэўныя асаблiвасцi. Таму i варыянты для актыўнага сацыяльна-эканамiчнага развiцця ў таго цi iншага рэгiёна маюць свае "мясцовыя" адрозненнi.

Айчынны "Неапаль"

Фанiпаль стаў горадам адносна нядаўна — у 1999 годзе. Кажуць, што такi статус населенаму пункту быў прысвоены апошнiм у нашай краiне. Так што яго правамерна можна лiчыць самым маладым горадам Беларусi. А вось гiсторыя гэтага мястэчка налiчвае больш чым паўтара стагоддзя, паколькi першыя пiсьмовыя ўзгадваннi пра яго адносяцца да 1856 года.

Раней выходзiла на радыё тапанiмiчная перадача "Адкуль пайшлi назвы". Калi гараджане туды звярнулiся, то даведалiся, што ў перакладзе з грэчаскай мовы "фанiпаль" абазначае "вясёлае, радаснае паселiшча". Цяпер нiхто дакладна не можа патлумачыць, пры чым тут грэкi, аднак, магчыма, гэта была данiна модзе. Таму па аналогii з Канстанцiнопалем, Неапалем i з’явiўся Фанiпаль. Мястэчка невялiкае, аднак даволi вядомае. У свой час заязджала сюды i Кацярына ІI — "заскочыла" аднойчы да тутэйшага панства, калi накiроўвалася з Варшавы ў Пецярбург. Адну з вулiц i цяпер памiж сабой месцiчы завуць "кацярынка". Да гэтага часу непадалёк застаўся нават участак старой лiпавай алеi.

У тутэйшай гiмназii створаны краязнаўчы музей, дзе сабрана каля 200 экспанатаў, па горадзе распрацаваны адметны турыстычны маршрут, падчас якога гасцям узгадаюць пра маёнтак Багдашэўскiх, фамiльны касцёл, выведуць на кацярынiнскi тракт, пакажуць лiпавую алею... Месцiчы займалiся i ганчарнай справай, а яшчэ непадалёк былi распрацоўкi торфу. Граф Чапскi працягнуў сюды чыгунку, была заснавана свая станцыя. Тут паравозы "запраўлялi" вадой, працавала вадакачка — адметная калонка захоўвалася да нядаўняга часу. Зразумела, усё гэта пэўным чынам вызначыла перспектыву Фанiпаля, аднак яго надзвычай актыўнае развiццё пачалося ў 1970-ых гадах, калi тут пачаў працаваць шэраг прамысловых прадпрыемстваў.

Не гандлем адзiным...

Нафтавая i хiмiчная база, а таксама база сельгастэхнiкi, заводы жалезабетонных канструкцый, шчэбеневы, оптыка-механiчны i шэраг iншых важных аб’ектаў — будоўля тут разгарнулася сапраўды маштабная. Вядома, разам з вытворчымi магутнасцямi ўзводзiлася i жыллё. Таму ў Фанiпаль прыязджалi спецыялiсты з усяго Савецкага Саюза. Значны прамысловы патэнцыял на той час быў запатрабаваны ў поўнай меры, а вось напрыканцы 80-ых узнiклi пэўныя аб’ектыўныя цяжкасцi. У вынiку вялiкiя па плошчах вытворчыя пляцоўкi апусцелi i пасля гадамi не выкарыстоўвалiся па прызначэннi. Выгаднае размяшчэнне (горад знаходзiцца лiтаральна за 15 кiламетраў ад Мiнскай кальцавой) паспрыяла актыўнаму развiццю прыватнага сектара. Цяпер больш за палову вытворчых плошчаў, якiя раней пуставалi, здаецца ў арэнду. Тут працуюць каля паўсотнi прадпрыемстваў, Фанiпаль — надзвычай прывабная тэрыторыя для развiцця малога i сярэдняга бiзнэсу.

Спектр вытворчых накiрункаў, якi развiваюць прыватнiкi, надзвычай шырокi — акрамя гандлёвай дзейнасцi, грузаперавозак, яны актыўна займаюцца вытворчасцю. Адзiн з яскравых прыкладаў — закрытае акцыянернае таварыства "Энергамера". На працягу 2007—2008 гадоў у Фанiпалi плануецца ўвесцi ў эксплуатацыю завод па вытворчасцi электронных вымяральных прыбораў для ўлiку энергii. Напрамак надзвычай актуальны, паколькi такiмi лiчыльнiкамi цяпер абсталёўваюцца дамы, дзе налiчваецца больш чым 60 кватэр. А ў блiжэйшай перспектыве на электронны ўлiк мяркуецца перавесцi i ўвесь жылфонд. Так што фанiпальская "Энергамера" са сваёй прадукцыяй якраз будзе дарэчы. Нездарма будаўнiцтва адпаведнага завода аднесена да асноўных iнвестыцыйных праектаў, якiя ў блiжэйшай перспектыве плануецца тут рэалiзаваць у межах праграмы развiцця малых гарадоў i пасёлкаў. Агульны яго кошт ацэньваецца амаль у 3 мiльярды рублёў, мяркуецца стварыць 30 працоўных месцаў. Новая перспектыўная вытворчасць з’явiцца ў... былым будынку райспажыўтаварыства, якое некалькi дзесяткаў гадоў пуставала. Прыватнiкi выкупiлi памяшканне i пачалi дзейнiчаць...

Паспяхова рэалiзуюцца праекты i з удзелам замежнага капiталу — у межах аднаго з такiх пабудаваны завод па выпуску медыцынскiх вырабаў. Цяпер на гэтым прадпрыемстве працуюць больш за 300 чалавек, сярэдняя заработная плата тут адна з самых высокiх не толькi ў горадзе, але i ў раёне. У Фанiпалi цяпер 6 прамысловых прадпрыемстваў, дзе занятыя каля тысячы работнiкаў, а горадаўтваральным лiчыцца вядомы агракамбiнат "Дзяржынскi", дзе працуюць 1,3 тысячы чалавек. Перадавое сельгаспрадпрыемства актыўна развiваецца, цяпер гэта сапраўдны магутны аграхолдынг з уласнай вытворчасцю i перапрацоўкай. На працягу блiжэйшых гадоў на "Дзяржынскiм" плануецца рэалiзаваць шэраг iнвестыцыйных праектаў па будаўнiцтве некалькiх цэхаў. Агульны бюджэт гэтых мерапрыемстваў перавысiць 11 мiльярдаў рублёў.

Парадаксальна, але факт

Паводле апошняй iнфармацыi, у Фанiпалi пражывае 13,2 тысячы чалавек. Дэмаграфiчная структура даволi адметная — амаль 70 працэнтаў насельнiцтва знаходзiцца ў працаздольным узросце. Штогод колькасць фанiпальцаў павялiчваецца за кошт натуральнага прыросту, а таксама мiграцыi. Сюды па-ранейшаму iмкнуцца патрапiць многiя, горад лiчыцца даволi прывабным месцам для жыцця. Перш за ўсё з-за блiзкасцi мегаполiсу.

— Раней Фанiпаль разглядаўся перш за ўсё як горад-спадарожнiк Мiнска, — адзначае старшыня Фанiпальскага гарвыканкама Сяргей Колас. — Думаю, што ў блiжэйшы час паводле такога варыянту ён i будзе развiвацца. Сталiца прыпынiцца ў межах кальцавой, застанецца зялёная зона, а перспектыву атрымаюць менавiта блiжэйшыя населеныя пункты. Магчыма, з цягам часу сюды i метро правядуць.

Дарэчы, дабiрацца з Фанiпаля ў Мiнск даволi зручна — атрымлiваецца нават хутчэй, чым з асобных сталiчных мiкрараёнаў у цэнтр патрапiць. Гучыць даволi парадаксальна, але гэта факт. Таму, мабыць, кошт жылля ў "спадарожнiку" мала чым адрознiваецца ад цэнаў на рынку нерухомасцi ў сталiцы. Попыт, як вядома, фармiруе прапанову, таму будаўнiцтва ў Фанiпалi даволi актыўнае. Тых, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, каля 1,2 тысячы чалавек, аднак вырашыць кватэрнае пытанне можна аператыўна — цяпер кватэры атрымлiваюць чаргавiкi пачатку 2001 года.

Будынкi ўзводзяцца даволi хутка, iншая справа, што ўзнiкае праблема па месцы iх размяшчэння. Фактычна гарадская тэрыторыя ўжо поўнасцю выкарыстана i далей проста няма варыянтаў для яе далейшага развiцця. Фанiпаль знаходзiцца памiж трох дарог: дзвюх вялiкiх магiстраляў i чыгункi. Яны i абмяжоўваюць тэрыторыю. А, да прыкладу, будавацца па той бок трасы "Брэст—Масква" — вельмi затратны праект, бо ў такiм разе, акрамя жылля альбо вытворчых магутнасцяў, абавязкова давядзецца ўзводзiць некалькi мастоў. З-за дэфiцыту плошчаў на ўзроўнi вобласцi нават было прынята рашэнне аб тым, што ўчасткi пад iндывiдуальную забудову ў Фанiпалi не выдзяляюцца. Плануецца ўзводзiць толькi шматпавярховыя дамы — пад развiццё горада плануецца перадаць 100 гектараў зямлi.

Разам з новым будаўнiцтвам неабходна даводзiць да ладу жылфонд "ва ўзросце", паколькi пэўная частка дамоў узведзена ў пачатку 70-ых. Як лiчыць Сяргей Колас, адпаведныя праекты, напэўна, не прызначаны для нашых умоў, паколькi ўзнiкаюць праблемы з належным абагрэвам жылля. Таму праводзiцца цеплавая рэабiлiтацыя — сёлета плануецца "ўцяплiць" некалькi такiх "праблемных" дамоў. У горадзе даволi вялiкая сацыяльная сфера — акрамя гiмназii, працуюць яшчэ сярэдняя адукацыйная, музычная школы, 4 дзiцячыя садкi, цэнтр дзiцячай творчасцi, палiклiнiка. Усё як у звычайным горадзе, якi хоць i невялiкi, аднак патрабуе значнай увагi.

Мiкалай ЛIТВIНАЎ.

Мiнск — Фанiпаль — Мiнск.

Источник: Звязда

Добавить комментарий


Пока нет комментариев

Погода в Фаниполе

Погода

Курсы валют

16.08.17   17.08.17
1 Евро (EUR) 2.29 2.28
1 Доллар США (USD) 1.95 1.94
100 Российских рублей (RUB) 3.25 3.26