У сталіцы затрымалі п'янага кіроўцу маршруткі Мінск-Фаніпаль
Раніцай 15 лістапада на ўездзе ў Мінск супрацоўнікі ДАІ спынілі для праверкі дакументаў маршрутнае таксі Volkswagen LT-35. Кіроўца маршрутнага таксі 1976 года нараджэння, выконваў рэйс з Фаніпаля ў Мінск з пяццю пасажырамі ў салоне.
Акрамя таго што таксіст быў не прышпілены, інспектары адразу заўважылі знешнія прыкметы алкагольнага ап'янення. Мужчына растлумачыў, што напярэдадні ўвечары выпіў шмат піва. Пры медыцынскім аглядзе ў яго выявілі 2 праміле алкаголю. У мінулым ён таксама прыцягваўся да адказнасці за парушэнні ППД.
- Якое пакаранне панясе парушальнік, пакуль невядома. Дакладна можна сказаць, што яго пазбавяць правоў на тры гады і звольняць з працы, - распавяла старэйшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Маскоўскага раёна сталіцы Любоў Трапашка.
У мэтах прафілактыкі аварыйнасці на пасажырскім транспарце з 12 па 21 лістапада ў Мінску праходзіць прафілактычнае мерапрыемства "Аўтобус". Падчас акцыі асаблівую ўвагу супрацоўнікі ДАІ надаюць выяўленню і спыненню парушэнняў дзеючага заканадаўства з боку кіроўцаў, якія ажыццяўляюць перавозку пасажыраў у рэгулярных зносінах.
Крыніца: БЕЛТА