У Фаніпалі пенсіянерка абліла бензінам і падпаліла кватэру
26 чэрвеня ў 17.30 у Фаніпальскае аддзяленне міліцыі ад дзяжурнага Дзяржынскага раённага аддзелу надзвычайных сітуацый паступіла паведамленне, што адбылося загаранне ў кватэры дома па вул. Камсамольскай у Фаніпалі.
Следча-аператыўнай групай устаноўлена, што пенсіянерка (1955 г.н.) абліла бензінам і падпаліла азначаную кватэру, прычыніўшы маёмасную шкоду сыну (1982 г.н). Абодва пражываюць у названай кватэры.
У службовай практыцы старшага следчага Дзяржынскага райаддзела Следчага камітэта Леаніда Хрусталёва такі выпадак адбыўся ўпершыню:
- Гаспадыні кватэры надакучылі вечныя здрады сужыцеля і п'янкі сына. Пасля чарговай спрэчкі сужыцель, спажыўшы лішняга, заснуў на канапе, а разгарачаны разборкамі сынок працягнуў выпіваць на вуліцы. Гаспадыня ўзяла на балконе пяцілітровую ёмістасць з бензінам і абліла ім падлогу ў калідоры, зале, канапу.
Добра хоць сужыцеля разбудзіла. Не паспеў той спрасонку зразумець, што да чаго, як дама чыркнула запалкай. Мужык кінуўся тушыць агонь, прыбег і сын. Пажарных выклікалі суседзі. Дарэчы, сама пенсіянерка таксама была пад градусам.
Зараз гаспадыня кватэры змешчана ў ізалятар часовага ўтрымання ў парадку артыкула 108 КПК Рэспублікі Беларусь.
Дзяржынскім раённым аддзелам Следчага камітэта РБ ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 218 ч. 2 КК РБ (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам альбо якое пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры). Пакаранне па гэтым артыкуле - абмежаваньнем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.
Каментарыі(1):