Жыхары вёскі Холма вымушаны хадзіць на працу пешшу
Штодня яны пераадольваюць 5 кіламетраў да бліжэйшага прыпыначнага пункта аўтобуса.
Якія рэкорды паставілі вяскоўцы ў спартыўнай хадзьбе, і чаму іх абыходзіць грамадскі маршрут, высвятляла Антаніна Станкевіч.
Узімку і ўлетку без білета. І не таму, што жыхары вёскі Холма, якая знаходзіцца недалёка ад Фаніпаля, прафесійныя зайцы. Проста грамадскі транспарт сюды наогул не ходзіць, а таму і праязны набываць няма патрэбы. Найбліжэйшы прыпынак грамадскага транспарту толькі ў Фаніпалі. А гэта амаль 5 кіламетраў, у залежнасці ад таго, дзе жыве чалавек. (Уладзімір Шэпiцюк, дачнік з в. Холма)
Чацвёртакласнік Улад кожны дзень праходзіць гэту адлегласць. Варыянтаў няшмат - бліжэйшая школа таксама толькі ў Фаніпалі. І калі ўлетку прасцей, то ўзімку ўсё інакш. І хлопчык нават не саромеецца прызнацца, што яму проста страшна. (Улад Мікуловіч, жыхар в. Холма)
Многія жыхары вёскі працуюць у Фаніпалі, Дзяржынску і Мінску. А асабістыя аўто маюць далёка не ўсё. Але горш за ўсё сталым людзям. Пенсіянерка Ганна Казіміраўна, каб патрапіць да 9 гадзін у паліклініку, якая таксама ў горадзе, вымушана ўставаць у пяць раніцы. Больш за 2 з паловай гадзіны займае шлях жанчыны - узрост не дазваляе развіваць спрынтарскую хуткасць. (Ганна Маркевіч, жыхарка в. Холма)
Жыхары вёскі Холма ўжо звярталіся да мясцовых уладаў. Пісалі лісты і ў Дзяржынскі аўтапарк, і ў райвыканкам. Але пакуль што горка жартуюць, што іх вёска быццам алімпійская. Яшчэ год і хто-небудзь з лёгкасцю ўсталюе новы сусветны рэкорд па спартыўнай хадзе. Яшчэ б - кожны дзень такія трэніроўкі! (Людміла Гаўрыленка, жыхарка в. Холма)
Каментарыі(1):