Пасля капітальнага рамонту ў Фаніпалі адкрыўся дзіцячы садок
Нядаўна ў горадзе завяршыўся капітальны рамонт з мадэрнізацыяй будынка ўстановы для адукацыі і выхавання дзяцей «Яслі-сад №1 г.Фаніпаля» па вуліцы Камсамольская 41. Пасля капітальнага рамонту дашкольную ўстанову (5 груп) змогуць наведваць 100 выхаванцаў. Для іх развіцця і выхавання ў абноўленым будынку створаны камфортныя ўмовы: музычная, фізкультурная зала, сучасны медыцынскі блок, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.
На мадэрнізацыю з мясцовага бюджэту выдаткавалі 16,5 мільярдаў рублёў. У будынку ў групе, размешчанай на першым паверсе, абсталяваны падлогі з падагрэвам. У групавых памяшканнях з'явілася яркая мэбля і цацкі. У кожнай групе створаны рэсурсныя цэнтры, а для працы з дашкольнікамі будуць выкарыстоўвацца сучасныя інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі (інтэрактыўная дошка, кампутары). У памяшканнях дзіцячага садка ўсталяваны спецыяльныя прыборы (рэцыркулятары) для сачэння за чысцінёй паветра. Да паслуг педагогаў будзе даступны асобны інфармацыйна-метадычны кабінет, які стане кансультатыўным пунктам для бацькоў дзяцей.
Пасля рамонту таксама змяніўся і фасад дзіцячага саду. Гульнявыя пляцоўкі былі аснашчаны сучасным абсталяваннем. Будынак дзіцячага садка плануецца таксама абсталяваць сістэмай відэаназірання, што дасць магчымасць не толькі стварыць бяспечныя ўмовы для дзяцей, але і дасць магчымасць бацькам назіраць за сваім дзіцем у адукацыйным і выхаваўчым працэсе на працягу дня.