У Фаніпалі з парушэннем прыродаахоўнага заканадаўства праводзяць абрэзку дрэў

Раніцай пятніцы 15 мая ў грамадскую арганізацыю «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) паступіў званок ад занепакоеных жыхароў Фаніпаля: з раніцы людзі на машыне з пад'ёмнікам сталі збіваць гнязда граковай калоніі. Як аказалася, гарадскія службы вырашылі абрэзаць дрэвы і прыбраць гнязда гракоў. І гэта ў той час, калі ў гнёздах ужо былі птушаняты! Птушкі, якія не ўмеюць лётаць, фактычна апынуліся закладнікамі сітуацыі. Зрэшты, гэта «уладароў пад'ёмніка» не збянтэжыла. Жыхарам навакольных дамоў з раніцы адкрылася жудасная карціна: пад'ёмнік, бацькі-гракі, што кружлялі і крычалі над дрэвамі і раскіданыя па асфальце мёртвыя і напаўжывыя птушаняты.

Людзі паспрабавалі самастойна спыніць тых, хто збіваў гнёзды, але не дамогшыся рэзультату, сталі тэлефанаваць у Мінпрыроды і АПБ.

Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь устаноўлены жорсткія тэрміны, калі можна праводзіць абразанне дрэў і разбурэнне гнёзд птушак. У адпаведнасці з артыкулам 19 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб жывёльным свеце» падобныя дзеянні дапушчальна праводзіць з 16 кастрычніка па 15 красавіка - калі гнёзды птушкамі ня заселены.

Асаблівае абурэнне выклікае той факт, што Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і АПБ у сваіх лістах і пры зносінах з работнікамі камунальных службаў рэгулярна нагадваюць пра патрабаванні заканадаўства і недапушчальнасці абрэзкі дрэў у гнездавы перыяд.

Акрамя таго, 2015 год аб'яўлены ў Беларусі годам вушастай савы. Як вядома, вушастая сава сама гнёздаў не будуе, а займае гнёзды врановых птушак, у тым ліку гракоў. У сувязі з гэтым вясной гэтага года АПБ накіравала ўсім зацікаўленым службам просьбу не праводзіць у 2015 годзе абрэзку дрэў, а таксама нагадала пра патрабаванні заканадаўства.

Адразу пасля званка свядомых гараджан інфармацыя аб знішчэнні калоніі гракоў была накіравана ў Мінскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Дзяржынскую раённую інспекцыю. На месца выехаў дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі, супрацоўнік па прыродаахоўных пытаннях АПБ Цімафей Піка і прадстаўнікі Мінскай абласной і Дзяржынскай раённай інспекцый Мінпрыроды.

Да моманту прыезду супрацоўнікаў арганізацыі большасць слядоў знішчэння гракоў ужо зніклі. Мелі месца асобныя навалы галінак і пёраў. У той жа час мясцовыя жыхары не разгубіліся і паспелі запісаць нумар аўтапад'ёмніка, які праводзіў абрэзку дрэў, а таксама зрабілі дзесяткі фотаздымкаў далёка не лепшай майскай пятніцы. Па самых сціплых ацэнках, загінулі каля 30 птушанят.

Усе атрыманыя матэрыялы перададзены ў Дзяржынскую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якія будуць выкарыстаны ў якасці доказаў. Зараз інспекцыя ўстанавіла кола асоб, якія маюць дачыненне да знішчэння гракоў, рыхтуецца даказальная база і іншыя працэсуальныя дакументы.

Вінаватыя панясуць пакаранне: артыкулам 15.32 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за такія дзеянні ўстаноўлена пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу - да 200 базавых велічынь.

Акрамя таго, знішчэнне гракоў з'яўляецца фактам прычынення навакольнаму асяроддзю шкоды. За кожную незаконна забраную асобіну таксама прыйдзецца заплаціць 6 базавых велічынь. Улічваючы маштаб парушэнняў, ёсць падстава меркаваць, што да парушальнікаў будуць прынятыя самыя жорсткія меры пакарання.

У Фаніпалі з парушэннем прыродаахоўнага заканадаўства праводзяць абрэзку дрэў

У гэтай гісторыі не абышлося і без маленькага цуду. Аднаму з гракоў удалося выратавацца: маладая птушка спланавала крыху далей ад месца абвальвання гнёздаў, дзе яе знайшлі супрацоўнікі Дзяржынскай інспекцыі. Гэтаму граку пашанцавала больш, чым іншым. Грачу, які выжыў, трэба трохі догляду, і праз 2-3 тыдні ён вернецца ў дзікую прыроду і будзе (спадзяемся, доўга і шчасліва!) жыць у Фаніпалі.

Крыніца: ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»

Дадаць каментар


Каментарыяў пакуль няма

Надвор'е ў Фаніпалі

Надвор'е

Курсы валют

17.01.25   18.01.25
1 Еўра (EUR) 3.57 3.57
1 Долар ЗША (USD) 3.47 3.47
100 Расійскіх рублёў (RUB) 3.38 3.38