Генпланы гарадоў-спадарожнікаў Мінска адкарэктуюць з улікам вынікаў грамадскага абмеркавання
15 мая прайшло пасяджэнне архітэктурна-горадабудаўнічага савета пры галоўным архітэктары Мінска, дзе падводзіліся вынікі грамадскага абмеркавання генеральных планаў гарадоў-спадарожнікаў сталіцы.
Як паведаміў галоўны архітэктар УП "БелНДІПгорадабудаўніцтва" Ларыса Смірнова, генпланы гарадоў-спадарожнікаў Мінска адкарэктуюць з улікам вынікаў іх грамадскага абмеркавання.
Папулярнейшымі сярод насельніцтва ва ўсіх гарадах сталі планы па зносе састарэлага жылля, асабліва ў цэнтрах населеных пунктаў. Прычым абмеркаванне гэтага пытання падзяліла жыхароў гарадоў на два лагеры - уласнікі састарэлай маёмасці, як правіла, выказваліся за яго захаванне, астатнія гараджане не выказвалі прэтэнзій да планаў па абнаўленні цэнтральных зон.
Улічваючы пажаданні і прапановы насельніцтва, выказаныя падчас грамадскіх абмеркаванняў, спецыялісты УП "БелНДІПгорадабудаўніцтва" адкарэктуюць генпланы - такім чынам, плошчы меркаванага зносу будынкаў будуць істотна скарочаныя.
Намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Семянкевіч адзначыў, што дзякуючы грамадскім абмеркаванням змены ў генпланы будуць унесены своечасова і разумна. Паводле яго слоў, жыхары дамоў, якія запланаваны да зносу, часцяком знаходзяцца ў недасведчанасці адносна таго, як складзецца іх лёс у далейшым і ці спрыяльна вырашыцца іх жыллёвае пытанне. "Весці дыялог з грамадскасцю - гэта правільна, але гэты дыялог павінен быць больш прадуманым. Пытанні, звязаныя з магчымымі кампенсацыямі за знос нерухомасці, прапановы па перасяленню - усё гэта не павінна заставацца для людзей загадкай", - сказаў Дзмітрый Семянкевіч. Часта прэтэнзіі людзей выклікае не сам факт зносу будынка або яго абнаўлення, а недахоп інфармацыі аб тым, што ўласніку жылля прапануюць наўзамен, дадаў намеснік міністра.
Таксама ў кожным з генпланаў вызначаны перспектыўныя тэрыторыі з добрай інфраструктурай для будаўніцтва жылля для мінчан.
Так у Фаніпаль да 2030 года прапануецца перасяліць з Мінска 6 тыс. чалавек. Такім чынам, у горадзе будзе жыць каля 23 тыс. чалавек (цяпер у Фаніпалі - 13,8 тыс.).
Гарады-спадарожнікі будуць мець сваю спецыялізацыю, у адпаведнасці з якой распрацоўваліся іх генпланы. Напрыклад, Лагойск і Заслаўе стануць турысцка-рэкрэацыйнымі цэнтрамі, у Рудзенску, Фаніпалі і Дзяржынску вялікі патэнцыял для развіцця прамысловых зон, Смалявічы будуць развівацца разам з Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам "Вялікі камень". Што датычыцца пераносу прамысловых прадпрыемстваў з Мінска ў гарады-спадарожнікі, то гэта пытанне яшчэ прапрацоўваецца.
На думку намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрыя Семянкевіча, у гарадах-спадарожніках Мінска павінна быць архітэктура новага пакалення.
"Мы не павінны ў гарадах-спадарожніках размяшчаць узоры архітэктуры 70-80-х гадоў, гэта павінна быць архітэктура новага пакалення, якую прапрацавала ўжо УП "БелНДІПгорадабудаўніцтва", - сказаў Дзмітрый Семянкевіч. Ён падкрэсліў, што гэта не павінны быць шэрыя спальныя раёны. Жыхары горада павінны ўжо цяпер убачыць не проста абстрактныя планы і схемы, у якіх могуць разабрацца толькі спецыялісты, а цэласнае архітэктурнае рашэнне, у адпаведнасці з якім будзе развівацца горад.
Намеснік міністра таксама звярнуў увагу, што ў будучым каля спадарожнікаў будзе актыўна развівацца катэджная забудова, таму ўжо цяпер трэба вызначыць участкі для гэтага, улічваючы іх прыдатнасць для вядзення сельскай гаспадаркі. "Размова ідзе аб участках у радыусе 10-15 км. У спадарожніках ствараецца сур'ёзная сацыяльная інфраструктура - будуць пабудаваны дзіцячыя сады, школы, і гэта тэрыторыя будзе прывабная для тых, хто вырашыць пабудаваць уласны дом", - растлумачыў Дзмітрый Семянкевіч. У сваю чаргу спецыялісты УП "БелНДІПгорадабудаўніцтва" адзначылі, што часткова аналіз тэрыторый для катэджнай забудовы праводзіўся ўжо. Спецыялісты запэўнілі, што яго вынікі знойдуць адлюстраванне ў планах перспектыўнай забудовы гарадоў-спадарожнікаў.
Плануецца таксама, што ў гарадах-спадарожніках Мінска з'явяцца кварталы таунхаусаў. Таунхаусы, якія лічацца гібрыдамі кватэры і загараднага дома, уяўляюць сабой малапавярховыя жылыя дамы на некалькі кватэр, як правіла, з ізаляванымі ўваходамі. Як распавялі спецыялісты УП "БелНДІПгорадабудаўніцтва", падчас грамадскіх абмеркаванняў генпланаў гарадоў-спадарожнікаў грамадскасць выказалася за развіццё такога тыпу забудовы.
Што тычыцца шматпавярховай забудовы ў спадарожніках, то яна будзе весціся толькі там, дзе гэта прымальна. Ужо выбраны раёны забудовы дзевяціпавярховымі дамамі ў Смалявічах і Фаніпалі.
Генеральныя планы гарадоў-спадарожнікаў Мінска павінны быць накіраваны ў Савет Міністраў у бліжэйшыя два тыдні. Паводле слоў намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва, крайні тэрмін прадастаўлення генпланаў у Саўмін - 1 чэрвеня бягучага года, таму ўсім дзяржорганам, якія ўдзельнічаюць у іх падрыхтоўцы і ўзгадненні, неабходна паскорыць гэту работу. Да 1 чэрвеня генпланы павінны прайсці некалькі экспертыз, у тым ліку экалагічную. "Трэба падключаць рэсурсы Мінбудархітэктуры і Мінгарвыканкама, каб гэтыя экспертызы былі праведзены ў бліжэйшыя два тыдні", - даручыў намеснік міністра.
Крыніца: БЕЛТА