У цэнтры Фаніпаля плануюць знесці больш за 200 дамоў
У Фаніпалі Дзяржынскага раёну адбыўся стыхійны сход некалькіх дзесяткаў жыхароў. Людзі не хавалі абурэння намерамі ўладаў ператварыць места ў паказальны сталічны горад-спадарожнік, зруйнаваўшы прыватны сэктар і збудаваўшы на гэтым месцы шматпавярховыя дамы. Адметна, што пра такія планы абсалютная большасць фаніпальцаў даведаліся выпадкова.
Згодна з Генеральным планам пэрспэктыўнага выкарыстання тэрыторый Фаніпаля — спадарожніка Мінска — зносу падлягае цэнтральная частка гораду, дзе сканцэнтраваная прыватная забудова. Усяго — каля 250 дамоў.
Адметна, што менавіта будынкі пры вуліцах Чыгуначнай, Купалы, Камсамольскай, Леніна і некаторых іншых лічацца гістарычнымі для колішняга мястэчка, бо менавіта адсюль разрастаўся ўшыркі будучы горад. Цяпер на гэтым месцы маюць паўстаць «бетонныя каробкі».
Але такая перспектыва не задавальняе многіх тутэйшых жыхароў. Ніна Іванаўна кажа, што такі паварот падзей стаў для ўсіх, каго прызначылі пад знос, сапраўдным шокам:
«Я ў Фаніпалі жыву з нараджэння. Калісьці за чыгункай былі баракі, а потым паўстаў выбар: ці атрымаць кватэру, ці будавацца. Бацькі вырашылі, каб быў уласны дом, збудавалі ў самым цэнтры. Жылі сціпла. З часам прыйшлі тэхналогіі, з'явілася тэлебачанне, потым самі рылі траншэі для газу. Я ўжо не кажу пра садовыя дрэвы, кусты, кожны ганарыцца сваімі яблычкамі, малінкай. Вядома, нікому ня хочацца аддаваць усё на знішчэнне. З гэтай нагоды смуткуем, хварэем душэўна; людзі плачуць, пакутуюць, ніхто не можа нічога рабіць, усе папросту здзіўленыя такім рашэннем. Хочацца жыць далей, тым больш што мы тое пакаленне, у якога на вачах усё тут мянялася. Магчыма, наступныя пакаленні будуць перажываць прасцей, бо яны асабліва не адчулі, якіх намаганняў нам гэта каштавала, колькі сіл было ўкладзена і здароўя».
7 красавіка ў актавай зале Фаніпальскага гарвыканкама выставілі «экспазыцыйныя матэрыялы» — расфарбаваны плян будучых пераўтварэнняў у горадзе. Паколькі ў будынак мясцовай улады жыхары зазіраюць ня так часта, пра «грамадзкае абмеркаванне», якое мае завяршыцца 1 траўня, ніхто не здагадваўся. Пагалоска пра татальныя пераўтварэнні разляцелася толькі днямі, пасля чаго народ кінуўся ў выканкам, каб на свае вочы пераканацца ў глабальным замаху на сваю ўласнасць.
Журнал водгукаў імкліва запаўняўся запісамі абураных людзей. Пакінула запіс і жыхарка вуліцы Янкі Купалы Наталля Тобман:
«Я ўласніца прыватнага дома па вуліцы Янкі Купалы, 16Б, што фактычна ў самым цэнтры Фаніпаля. Паводле генплана гэта месца падлягае рэканструкцыі, і, як я разумею, наш дом бліжэйшым часам будзе знесены. Гэтым домам наша сям’я валодае з 1988 года. Тут жылі мае бацькі, тут вырас мой сын, выраслі мае пляменнікі, у гэты дом укладзена вельмі шмат грашовых сродкаў і душы. Таму сёння мы надзвычай расстроеныя той сітуацыяй, якая склалася з меркаваным зносам дома, і, вядома, хацелася б, каб гэтыя планы нейкім чынам былі перайграныя і перагледжаныя».
У тым жа актавым зале, толькі ў далёкім куце, вісіць на сцяне яшчэ адзін план развіцця — «стратэгічны». Датаваны ён 2012 годам, і ў ім нават намёку няма на цяперашні знос прыватнага сектара. Як удакладнілі ў выканкаме, справа ў тым, што акурат год таму прэзідэнцкім указам Фаніпаль атрымаў статус «горада-спадарожніка Мінска», што вымагае глыбокіх інфраструктурных зменаў.
Мясцовыя жыхары кажуць, што не супраць новага статусу, але не за кошт сваёй уласнасці:
«Справа ў тым, што вакол Фаніпаля шмат вольных зямель — нават з генплану бачна, колькі месца займае прамысловая зона ў параўнанні з тым лапікам, у межах якога знаходзяцца нашы дамы. Цікава, што суседнія катэджы, якія будаваліся яшчэ гадоў 20 таму для супрацоўнікаў „Інтэгралу“, пад знос не падпадаюць. І я не магу зразумець: чаму вось гэты прыватны сэктар не можа быць працягнуты і захаваны? Тут вельмі добрыя дамы, людзі будавалі іх для сябе, ёсць і двух-, і трохпавярховыя, з надворнымі пабудовамі. Магчыма, ёсць і развалюхі, якія можна было б замяніць на аб’екты нейкай інфраструктуры. Але так справы ня робяцца. Насамрэч усё гэта вельмі сумна, і хацелася б, каб нашы дамы захаваліся».
Шматпавярховыя дамы ў іншых раёнах Фаніпаля пачалі ўзводзіць раней, але, як сцвярджаюць жыхары, асаблівага ажыятажу вакол іх няма. Менш як 15-тысячнаму гораду гэтулькі жытла не патрабуецца, а пытанне, ці захочуць у «спадарожніку» сяліцца працаўнікі з Мінска, збольшага адкрытае. Прынамсі, спроба аналагічным чынам засяліць прысталічныя Смалявічы асаблівага плёну ня мела. Таму, як лічыць мая суразмоўца Наталля Тобман, уладам на ўсіх узроўнях трэба больш уважліва вывучыць ранейшы досвед, першы чым настройваць супраць сябе такую масу людзей:
«Як я зразумела, усе павінны былі быць папярэджаныя, каб да 1 траўня маглі выказаць сваё меркаванне. Але я пра гэта даведалася ўчора, абсалютна выпадкова, мне патэлефанаваў сусед, які таксама з выканкаму нічога не атрымліваў, але пачуў такія размовы, што нашы дамы нібыта зносяць. Я пазваніла іншым людзям, суседка з дому № 14 як быццам была ў курсе, але ёй з выканкаму нічога не паведамлялі, яна таксама даведалася ад некага выпадкова. Асабіста мне ніхто нічога не казаў, я дазналася не з афіцыйных структураў. Таму я катэгарычна супраць таго, як гэта ўсё робіцца. Асабліва з улікам, што Фаніпаль — невялікі населены пункт, і вакол яго шмат вольнай тэрыторыі. Пра што ўжо казаць, калі амаль у цэнтры — поле з кукурузай! Таму зусім незразумела, чаму менавіта гэты кавалачак прыватнага сэктара павінен быць знесены».
Людзей абурае, што іх намагаліся проста паставіць перад фактам: маўляў, імітацыя «абмеркавання» дазволіць абвясціць, што новы Генеральны план нараканняў з боку грамадскасці не выклікае. Да таго ж за мінулы тыдзень нікому з жыхароў, прапісаных на вуліцах з «чорнага спісу», так і не назвалі памер кампенсацыі за адмову ад сваіх прыватных дамоў:
«Даведаліся, як і ўсе астатнія: патэлефанавалі суседзі, ніякія не прадстаўнікі ўладаў. Натуральна, гэта быў шок. Як кажуць, валасы дыбарам уставалі, на душы стала вельмі цяжка, слёзы самі пацяклі. Вельмі цяжка добраахвотна аддаваць гэта ўсё пад знос. Ну каму замінае, што тут квітнеюць сады, усё тоне ў кветках? У нас, напрыклад, рададэндран вельмі прыгожы, многія адмыслова пад яго ідуць, фатаграфуюцца, мамы з дзецьмі любяць прагульвацца. Мая сяброўка тэлефануе са шматпавярховіка: „Ты дома? Іду з вазком у ваш бок, у вас хоць няма машын, ціха, утульна“. Дык навошта нішчыць гэты зялёны астравок?»
Увечары пятніцы 17 красавіка ў 18.00 у фаніпальскім Доме культуры адбудзецца сустрэча жыхароў «асуджанага» прыватнага сектара з распрацоўнікамі генплана горада-спадарожніка, мясцовымі ўладамі, дэпутатамі Дзяржынскага райвыканкама. Ці ўдасца зацікаўленым бакам знайсці паразуменне, пакуль выдаткі новага статусу не ўвасобіліся ў рэальнасць?
Крыніца: Ігар Карней, Радыё Свабода
Каментарыі(2):
Развивали его мягко говоря бездарно, инфраструктура никакая, чисто город для работяг и пьяниц-хотя люди в городе дружные и душевные. Сейчас планируют превратить тут все в промзону с перенаселенным городом, население которого будет жить в бетонных скворешниках, срок службы которых 25-50 лет. Кстати частный дом, даже деревянный, простоит 100, а если за ним ухаживать 200 и более лет.
Старая застройка это зеленый остров-фильтр города.
К тому же при создании предлагающегося генплана не проводилось никаких социальных исследований , людей просто поставили перед фактом или пытались это сделать, причем все делается потихоньку, а вдруг не заметят. Кстати о старой многоэтоажной застройке, снаружи отреставрировали, а внутри они все гнилые, даже дома которым всего 20 лет, я знаю что говорю своими глазами видел.
Я предлагаю: 1 Фаниполю нужен свой архитектор-житель фаниполя, 2 добиться от района улучшения финансирования города, ни улицы ни дороги не ремонтируются! Либо пускай дают автономию! 3 Разработать план по улучшению инфраструктуры; нужна болница, 2 школы, спорткомплекс, детсады, центр досуга, новая котельная-старая несправится,
нехватимт транспорта. Это только поверхностный взгляд на ситуацию я думаю проблемм будет намного больше!