Завод «Штадлер Мінск» афіцыйна адкрылі ў Фаніпалі
20 лістапада ў Фаніпалі адбылася афіцыйная цырымонія адкрыцця сумеснага беларуска-швейцарскага прадпрыемства ААТ «Штадлер Мінск». У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік кампаніі Stadler Rail AG Петэр Шпулер, дэлегацыі з Швейцарыі, Германіі, Латвіі, а таксама патэнцыйныя кліенты з Расіі і іншых краін.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падкрэсліў, што адкрыццё ў Фаніпалі завода «Штадлер Мінск» будзе садзейнічаць развіццю горада. "Па-першае, ён умацоўвае экспартны патэнцыял краіны, па-другое, згуляе і сацыяльную ролю - дапаможа ўдыхнуць новае жыццё ў Фаніпаль, які павінен стаць адным з гарадоў-спадарожнікаў Мінска. Тут будзе не спальны раён, а цэнтр машынабудавання з добра развітой інфраструктурай , дзе людзям будзе зручна жыць і працаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Фаніпаль і Дзяржынск стануць гарадамі-спадарожнікамі Мінска і індустрыяльнымі цэнтрамі краіны. "Мы першапачаткова не планавалі, што гэта будуць гарады-спадарожнікі. Але сітуацыя склалася так, што тут створаны новыя вытворчасці, і не толькі «Штадлер Мінск», і яны ператварыліся ў індустрыяльныя цэнтры краіны", - адзначыў ён.
На пытанне "Ці плануецца дадатковае будаўніцтва жылля ў сувязі з адкрыццём новых прадпрыемстваў?" - прэзідэнт адказаў: "Хочаш не хочаш, а жыллё прыйдзецца будаваць, і дзяржава ў гэтым згуляе сваю ролю. Але астатняе - за самімі людзьмі і прадпрыемствам. Мы разлічваем і пакуль бачым гэта - зарплаты тут прыстойныя, і ўпэўнены, што яны будуць расці. Таму што гэта суперсучаснае прадпрыемства".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рашэнне жыллёвага пытання дазволіць утрымаць спецыялістаў на прадпрыемстве. "Я думаю, што кіраўнікі прадпрыемства таксама павінны перажываць за тое, каб утрымаць высокакваліфікаваных спецыялістаў. Адным з спосабаў вырашэння жыллёвага пытання з'яўляецца арэнднае жыллё. Заключыў дагавор - выдалі кватэру. Пакуль чалавек працуе - ён у ёй жыве. Калі звольніўся - арэнднае жыллё трэба вызваліць. Гэта выгадна для кіраўніка любога прадпрыемства, і, дарэчы, гэта вопыт, які добра зарэкамендаваў сябе ў многіх еўрапейскіх краінах", - сказаў прэзідэнт.
Першым заказам для новага завода стаў кантракт на вытворчасць двухпавярховых цягнікоў для расійскага чыгуначнага аператара «Аэроэкспресс» - 21 цягнік будзе сабраны ў Фаніпалі. У будучыні завод будзе займацца таксама усімі далейшымі заказамі для краін СНД, у тым ліку пастаўкамі для Беларускай чыгункі.
«Штадлер Мінск» зараз адказвае і за праектаванне і вытворчасць тралейбусаў і трамваяў - гэты бізнэс дастаўся прадпрыемству дзякуючы актывам «Белкамунмаша», абсталяванне і інтэлектуальная ўласнасць якога перайшлі ў валоданьне сумеснага прадпрыемства як долевы ўдзел Мінскай вобласці. На дадзены момант бізнэс па вытворчасці тралейбусаў і трамваяў цалкам належыць Stadler Rail Group, які выкупіў 100% актываў. У гэтым годзе на найбуйнейшай еўрапейскай чыгуначнай выставе «IнаТранс» быў прадстаўлены першы шырокакалейны прадукт Stadler у гэтай галіне - найноўшы ультрасучасны трамвай «Мяцеліца», які распрацаваны спецыяльна для рынку краін СНД.
Відэасюжэт ад Белтэлерадыёкампаніі - глядзець тут.
Відэасюжэт ад тэлеканала АНТ - глядзець тут.
Відэасюжэт ад інфармацыйнага агенцтва БелТА - глядзець тут.