Новы магазін тавараў для дзяцей адкрыўся ў Фаніпалі
Новы магазін дзіцячай вопраткі «Карапузік» ПУП «Дзяржынскі кааппрамгандаль» адкрыўся ў Фаніпалі.
У асартыменце - шырокі спіс тавараў для дзяцей, якія задавальняюць патрэбы самага патрабавальнага пакупніка. Увазе наведвальнікаў прадстаўлены дзіцячыя рэчы беларускіх фабрык «Палессе», «Купалінка», «Світанак» - распашонкі, пялёнкі, камплекты пасцельнай бялізны, а таксама дзіцячыя ложкі, цацкі.
Акрамя таго, на прылаўках крамы можна знайсці самыя разнастайныя прадукты. Смачныя і карысныя сумесі, кашы, пюрэ, мясныя кансервы, сокі абавязкова парадуюць маленькіх гурманаў.
– Стварэнне спецыялізаванай гандлёвай кропкі з дзіцячымі таварамі, безумоўна, парадуе бацькоў, – распавядае дырэктар кааппрамгандалю Галіна Шылак. – Напярэдадні Навагодніх святаў пры падтрымцы старшыні праўлення Дзяржынскага райпо Алены Кучаровай, намесніка старшыні праўлення па гандлю Наталлі Коласаўскай, начальніка аддзела арганізацыі і гандлю Ларысы Сбiтневай і іншых спецыялістаў гандлёвай службы мы зрабілі фанiпальчанам такой выдатны падарунак. Шчыра спадзяюся, што наведванне крамы прынясе пакупнікам станоўчыя эмоцыі, паспяховыя набыцця і выкліча жаданне прыходзіць сюды зноў і зноў.
– Радуе вялікі выбар адзення для самых маленькіх, – кажа першы пакупнік крамы «Карапузік» Васіль Шалькевіч. – З задавальненнем разглядаю прадстаўленыя тавары і выбіраю для свайго будучага дзіцяці усё неабходнае. Раю ўсім наведаць краму і атрымаць масу прыемных уражанняў.
Ганна Халдзеева
Крыніца: Газета "Узвышша"
Каментарыі(3):