Дзяржынскі маладзёжны фестываль «Мелодыі Крутагор'я» збірае таленты
Пачаўся агульнараённы конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні "Мелодыі Крутагор'я-2012", які традыцыйна праводзіцца ў два туры.
Першы тур, занальны, пройдзе ва ўстановах культуры Дзяржыншчыны.
Да 25 мая заяўкі на ўдзел у творчым спаборніцтве прымае Дом культуры пасёлку Энэргетыкаў, дзе ў апошнюю пятніцу мая і адбудзецца адбор канкурсантаў.
У Фаніпалі маладых выканаўцаў праслухаюць 1 чэрвеня, адпаведна, і заяўкі прымаюцца тут да першага дня лета.
А ў Дзяржынскім ГДК будучых эстрадных «зорак» чакаюць да 10 чэрвеня. Дата жа правядзення адборачнага тура ў райцэнтры яшчэ ўдакладняецца.
Другі тур, заключны, адбудзецца ў Дзяржынскім ГДК 24 Чэрвеня 2012 года ў рамках правядзення мерапрыемстваў да Дня моладзі.
Варта адзначыць, што ў конкурсе могуць удзельнічаць салісты-вакалісты і вакальныя групы (дуэт, трыо, квартэт, ансамбль і г.д.) ў 2-х узроставых катэгорыях: першая - 15-20 гадоў і другая - 21-30 гадоў ўключна. Удзельнікі рыхтуюць па дзве песні. Адна - у сучасных рытмах, другая - патрыятычнай накіраванасці або беларускіх аўтараў. Таксама адна з песен павінна быць на беларускай або рускай мове. Парадак выступу вызначыць жараб'ёўка.
Па выніках конкурсу журы назаве пераможцаў, якія будуць узнагароджаны каштоўнымі падарункамі і дыпломамі 1, 2 і 3 ступені.
Пераможцаў творчага спаборніцтва накіруюць для ўдзелу ў абласных і рэспубліканскіх фестывалях і конкурсах.
І яшчэ адна немалаважная дэталь: лаўрэаты конкурсу «Мелодыі Крутагор'я-2010» не прымаюць удзел у конкурсе «Мелодыі Крутагор'я-2012»./em>
Крыніца: Газета "Узвышша"